СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,
узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл. ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс. чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.П.Емяльянаў і Я.Л.Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін. Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс. чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)